+375 (232) 56-80-50 OAOGMRZ@yandex.ru пн–пт 8:00–17:00

26 красавіка – Міжнародны дзень памяці пра чарнобыльскую катастрофу

26 красавіка 2020 года – 34 гады з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС – беспрэцэдэнтнай аварыі ў гісторыі атамнай энергетыкі. У выніку выбухаў на 4-м энергаблоку рэактар быў цалкам разбураны. Аварыя суправаджалася пажарамі і выкідамі радыеактыўных рэчываў. Радыеактыўнае воблака прайшло над СССР, Скандынавіяй, Усходняй Еўропай і закранула больш за 20 краін. У найбольшай ступені пацярпелі Беларусь, Расія і Украіна. Забруджванне тэрыторыі Беларусі склала 23 % агульнай плошчы, Украіны – 7 %, Расіі – 1,5 % тэрыторыі яе еўрапейскай часткі. Каля 35 % чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137, асноўнага радыенукліду, які фарміруе дозу апрамянення насельніцтва ў цяперашні час, прыйшлося на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Гэтая красавіцкая дата стала асаблівай не толькі для Беларусі, Расіі і Украіны, але і для ўсяго свету. Усё цывілізаванае чалавецтва ў гэты дзень успамінае пра Чарнобыль, пра тых, хто, не шкадуючы жыцця і здароўя, спыніў радыяцыйную стыхію і прадухіліў вялікую бяду.

Чарнобыльская катастрофа стала выклікам для ўсёй міжнароднай супольнасці. У той жа час дзейнасць па пераадоленні наступстваў гэтай найбуйнейшай радыяцыйнай аварыі дала выдатныя прыклады супрацоўніцтва на глабальным узроўні. Змяніўся падыход краін да пытанняў ядзернай энергетыкі, уключаючы ўзмацненне бяспекі і больш узважаныя адносіны да тэхналагічнага прагрэсу. Міжнародная супольнасць засвоіла ўрокі Чарнобыля і набыла вопыт, які дапаможа спраўляцца з доўгатэрміновымі наступствамі тэхнагенных катастроф.

17 снежня 2003 года Генеральная асамблея ААН падтрымала рашэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД аб абвяшчэнні 26 красавіка Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф. Адзначаецца з 2004 года ў дзяржавах-членах СНД у адпаведнасці з рашэннем Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД ад 19 верасня 2003 г.

8 снежня 2016 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку на пленарным пасяджэнні Генеральная Асамблея ААН прыняла кансэнсусам ініцыяваную і падрыхтаваную дэлегацыяй Беларусі рэзалюцыю 71/125 «Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы». Разам з Беларуссю сааўтарамі гэтага дакумента Генеральнай Асамблеі ААН па чарнобыльскай праблематыцы сталі 60 дзяржаў свету. Важным сімвалічным элементам рэзалюцыі з'яўляецца абвяшчэнне 26 красавіка Міжнародным днём памяці пра чарнобыльскую катастрофу.

Генеральная Асамблея адзначыла «сур'ёзныя доўгачасовыя наступствы чарнобыльскай катастрофы, якія адчуваюцца дагэтуль, тры дзесяцігоддзі пазней, а таксама патрэбы пацярпелых мясцовых супольнасцей і тэрыторый, якія захоўваюцца ў гэтай сувязі», і прапанавала «ўсім дзяржавам-членам, адпаведным установам сістэмы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншым міжнародным арганізацыям, а таксама грамадзянскай супольнасці адзначаць гэты дзень».

Міжнародны дзень памяці пра чарнобыльскую катастрофу пакліканы служыць напамінам пра небяспеку ядзерных аварый і неабходнасць умацавання міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне змякчэння доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай аварыі.

26 красавіка – памятная дата і ў Беларусі. Гэта – Дзень чарнобыльскай трагедыі.

Ёсць яшчэ адна вартая ўвагі дата – 14 снежня. У гэты дзень у 1986 годзе былі завершаны работы па будаўніцтве аб'екта «Укрыццё», або саркафага, над разбураным 4-м энергаблокам. Узвядзенне ў максімальна кароткія тэрміны такога аб'екта стала магчымым дзякуючы самаадданасці ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У пабудове збудавання было задзейнічана 90 тысяч чалавек. Менавіта гэтая дата стала ў СССР Днём ушанавання ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.

З 2012 года 26 красавіка ў Расіі – Дзень удзельнікаў ліквідацыі наступстваў радыяцыйных аварый і катастроф і памяці ахвяр гэтых аварый і катастроф. Да гэтага часу з 1993 года адзначаўся Дзень памяці загінулых у радыяцыйных аварыях і катастрофах. Такім чынам аддаецца належнае тым, хто прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў радыяцыйных аварый.

Дзень ушанавання ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – памятная дата і для Украіны, якая зацверджана ў 2006 г. і адзначаецца 14 снежня. Другая назва гэтага дня – «Дзень ліквідатара».