Рэспубліканскі суботнік у Беларусі пройдзе 17 красавіка, адпаведную пастанову прыняў Савет Міністраў.
Традыцыйна суботнік будзе праходзіць як на рабочых месцах, так і ў фармаце добраўпарадкавання і навядзення парадку на аб'ектах і тэрыторыях населеных пунктаў, у тым ліку мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень суботніка, у тым ліку на рабочых месцах, у аб'ёмах, якія вызначаюцца добраахвотна работнікамі, уключаючы работнікаў, дзейнасць якіх не звязана з вытворчасцю прадукцыі (работ), аказаннем платных паслуг, пералічваюцца праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам у парадку, устаноўленым Міністэрствам фінансаў.
Пры гэтым:
50 % грашовых сродкаў будуць накіраваны аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам на рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны;
50 % – накіроўваюцца Міністэрству аховы здароўя на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў, у тым ліку на закупку абсталявання для аказання планавай і экстранай медыцынскай дапамогі насельніцтву, частковае фінансаванне закупак вакцыны ад інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19, у мэтах забеспячэння даступнасці вакцынацыі насельніцтва.
Некамерцыйныя арганізацыі, якія прымаюць удзел у суботніку па рашэнні іх калектываў, могуць пералічыць адпаведныя сродкі ў добраахвотна вызначаемым памеры ва ўстаноўленым Міністэрствам фінансаў парадку.